ПІ́НСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р, Пінскі Богаяўленскі брацкі манастыр,
мужчынскі правасл. манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў пач. 17 — пач. 20 ст. Узнік у ранні перыяд праваслаўна-уніяцкай канфрантацыі. У жн. 1614 на сродкі Р.Гарабурдзінай і Пінскага правасл. брацтва пабудавана Богаяўленская царква, пры ёй аселі манахі з Пінскага Лешчанскага манастыра. Праз месяц царква разабрана уніятамі, скаргі праваслаўных да караля і ў сейм былі безвыніковымі. У 1633 кароль Уладзіслаў IV дазволіў брацтву пабудаваць на ўскраіне горада манастыр з вучылішчам, пач. школай і шпіталем. У 1647 драўляны манастыр згарэў, у 1650 зноў адбудаваны. Быў цэнтрам праваслаўя на Піншчыне. У 18 ст. цярпеў прыцясненні з боку пінскага уніяцкага епіскапа і фанатычнай шляхты. Аднак у 1757 за манастыр заступаўся канцлер Ф.М.Чартарыйскі, а ў 1775 кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вызваліў манастырскіх падданых ад усіх падаткаў. У 1799 драўляныя будынкі згарэлі, у 1800 манастыр размешчаны ў комплексе б. Пінскага касцёла і калегіума езуітаў (тады ж сюды пераведзены манахі з Мінскага Петрапаўлаўскага манастыра, а ў 1848 — духоўнае вучылішча з Лядаў). Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.
А.А.Ярашэвіч.
т. 12, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)